Амур.
Шумелі лясы, вецер калыхаў лісце дрэў, і ніхто не думаў, што калі – небудзь на гэтым месцы ўзнікне вёска. Гэта месца векавых дубоў і сосен называлі Шумяцічамі. Расло там шмат грыбоў, ягад, вадзілася шмат дзічыны.
Прытрымліваючыся легенды, магу сказаць, што вёска гэта маладая. Яна пачала сваё жыццё з жыхароў вёсак Катка і Харомцы. А было гэта так: сабраліся жыхары Каткі і Харомцаў паехаць у заработкі на вялікую раку Амур. Казалі, што людзі там вельмі добра жывуць і зарабляюць шмат грошай.
Вось сабраліся ды й паехалі. Ці мала, ці доўга яны ехалі, нарэшце выехалі на паляну. Выйшлі адпачыць і думаюць: “Дзе ж гэта мы? Куды папалі?” А быў сярод народу малады, вясёлы хлопец, які вельмі любіў пажартаваць. Ён і кажа: “Вось вам і Амур. Працуйце, зарабляйце грошы!”
І стомленыя дарогай людзі засталіся на той паляне. Вось так і ўзнікла назва паселішча: вёскі Амур.
Запісала бібліятэкар Слаўкавіцкай сельскай бібліятэкі Марус А.Г.
Бабірова.
Легенда Першая:
Жыў у вёсцы знахар-вяшчун. Кепскі быў чалавек, можа таму даў яму Бог сына-дурня. Гаспадар той чалавек быў заможны. І надумаў ён сына ажаніць. І свайго дабіўся: знайшоў нявестку, ды не абы-якую, а прыгожую, працавітую, такую, што людзі зайдросцілі. І ўсё вельмі проста падгадаў – паслаў сватоў у самую бедную сям’ю, дзе і за старога дзеда рады былі аддаць хоць адну з дачок, бо было іх у бацькі ажно шасцёра. А тут жа нічога, што малы ды дурны, затое зямлі даволі, адзін сын у бацькоў, і грошы вяліся. Вось і аддалі дачку, нібы прадалі.
Першыя месяцы маладая плакала, а потым прывыкла. Гаспадар яе шкадаваў, бо бачыў, як маладзіца працуе ды завіхаецца.
Так і жылі. Але аднаго разу здарылася бяда, пасля якой свёкар стаў паважаць сваю нявестку , даражыць ёю яшчэ болей. Ніколі і нікому не даваў у крыўду. А адбылося вось што.
Вёска стаяла ў нізіне, і калі выпадала і калі выпадала зацяжная, са анегам і дажджамі, вясна, то ўсё навокал затапляла. Цярпелі ад гэтых паводак вяскоўцы шмат. У тым годзе вясна ўдалася гэткая багатая на ваду, што пад самыя парогі падбіралася. А ўжо пара сеяць, а ў поле ўсё ніяк не выбрацца.
Сядзелі пахмурныя старыя і нявестка ў хаце, а сын-дурында трэсачкі па вадзе пускаў і рагатаў, нібы яго за пяткі казыталі. І тут нявестка кажа свёкру:
- Тата, працаваць трэба…
- Я і сам дачушка ведаю, але ж…
- Нешта трэба рабіць, бо без хлеба зімой застанемся…
- А што рабіць? Надвор’е ж – сама бачыш…
- А калі так: пракапаць роў да той мясціны, дзе вада ў рэчку сыходзіць?!
Сабраліся ўсе людзі і пракапалі той роў, і назвалі яго Бабін роў, - што жанчына падказала. Потым вёска стала Бабірова.
Магілёўшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў – Мн.: Беларусь, 2002. – С. 112-114.
Легенда Другая:
Некалі ў гэтай мясцовасці жыў пан Бабіроў. Вось з-за прозвішча гэтага пана назвалі вёску Бабірова.
Легенда Трэцяя:
У нейкі далёкі час ішла вайна. Калі мужыкаў забралі на вайну, бабы вельмі плакалі, раўлі. Бабскі роў даў назву вёскі – Бабіроў, а потым Бабірова.
Легенда Чацвёртая:
У тутэйшай мясцовасці вялося шмат баброў, таму і вёску назвалі Бабірова.
Легенда Пятая:
У даўнія часы была вайна. Усіх мужыкоў з паселішча забралі ваяваць. Засталіся адны жанчыны і дзеці. І раптам на вёску пачалі наступаць ворагі. Каб останавіць і не пусціць ворага, бабы бабы выкапалі вокал вёскі глыбокі роў. І вораг не змог папасці ў паселішча.Адразу вёска называлася Бабіроў, а потым ужо і Бабірова.
Легенда Шостая:
Шмат год назад здарылася ў гэтай мясцовасці страшэнная засуха. Сонца паліла так, быццам папярэдніх десяць гадоў яго наогул не было. А дождж усё не шоў. І вось нехта сказаў, што для таго, каб пайшоў дождж, трэба ўпрэгчыся ў плуг і выкапаць вакол вёскі роў. Жанчыны упрэгліся ў плуг і выкапалі роў. На наступны дзень пайшоў дождж.
Старавершчына.
Спачатку ў вёсцы Бабірова было толькі восем хат і панская сяліба. Хата і зямля, якая належыла гаспадару, называлася надзелам. Дык вось, спачатку было толькі 8 надзелаў. Сяляне жылі вельмі бедна. Зямлі было мала, бо большую частку мясцовасці займалі балоты. Жылі тут таксама і паны. І, канечне, зямля ў асноўным была панская. Паны жылі лепш за сялян, бо сяляне плацілі падаткі свайму пану. Потым у гэту мясцовасць прыехалі стараверы. Стараверства, рэлігійная плынь, якая ўзнікла ў 2-й палове 17 ст. ў выніку расколу ў Рускай праваслаўнай царкве і адмовы часткі насельніцтва прызнаць царкоўныя рэформы патрыярха Нікана. Стараверы хацелі захаваць сваю старую веру таму ўцякалі ў розныя глухія мясціны, дзе іх ніхто не мог знайсці. Такой мясцовасцю бала вёска Бабірова. Сюды прехаць або прыйсці можна было толькі зімой, калі падмярзала балота. Вуліцу, дзе жылі стараверы, і да гэтага часу называюць Старавершчынай. А афіцыйна гэта вуліца Камсамольская.
Цішкава гара.
У в.Бабірова ёсць месца, якое называюць Цішкава гара.
Жыў некалі багаты чалавек. Меў шмат зямлі, грошай, скаціны. Звалі яго Цішок. За нейкія невядомыя справы папаў ён ў турму і быў адпраўлены ў Сібір. Яле неўзабаве вярнуўся. Зведаўшы гора, Цішок стаў дапамагаць бедным людзям, нават частку сваёй зямлі раздаў. Але большую плошчу аставіў сабе. Ён забараняў іншым хадзіць па сваёй зямлі. Гэта месца і празвалі Цішкава гара.
Міколка.
Каля вёскі ёсць вялікі лес, які называецца Міколка. Было свята Мікола. Гэтае свята раней спраўлялі за вёскай. Дарога ішла праз маленькі малады лясок. Ад гэтага свята і пайшла назва Міколка. Зараз гэты лес вырас.
Уздзевіца.
Каля вёскі Бабірова ёсць месца, якое называецца Уздзевіца. У даўнія часы, кажуць людзі, на гэтым месцы было возера. Аднойчы каля возера ехала княгіня з сынам. А звалі княгіню Уздзевіца. Раптам малы пахіснуўся, упаў у ваду і ўтапіўся. Маці ў роспачы пракляла возера і яно назаўтра знікла. А мясцовасць і цяпер называюць імем кнігіні Уздзевіцы.
Мачулішчы.
Так называецца лес. Раней на гэтым месцы былі балоты. Аднойчы людзі заўважылі, што там кожны дзень ідзе дождж, хаця ў вёсцы даўно дажджу не было. Вось і пачалі гаварыць, што там мочыць, а ў вёсцы засуха. Спачатку лес называлі Мачула, а потым ўжо і Мачулішчы.
З успамінаў вяскоўцаў, запісаных бібліятэкарам Бабіроўскай сельскай бібліятэкі Храпко Таццянай Леанідаўнай.
Барбароў.
Раней вёска называлася Пад`елле. Быў тут фальварак імення Рудабелкі, пана Лапы. І была тут памешчыца Барбара. Адсюль і назва вескі пайшла. Ад Лапы іменне па наследству перайшло да барона Врангеля.
Легенды і паданні. - 2-е выд., дап. І дапрац. – Мн.: Бел. навука, 2005. - С. 296.
Баянава.
Жыў у вёсцы некалі адзін чалавекпа па мянушцы Баюн. Атрымаў ён яе таму, што вельмі любіў пабаяць ды параспавядаць людзям пра тое, што мела ў жыцці, а то і пра тое, што ніколі не мела. І ніхто сур’ёзна да гэтага чалавека не ставіўся.
Але аднойчы ўлетку паехалі вяскоўцы сена ўбіраць. Лічылася, хто да святога Макавея з сенам управіцца, той усю зіму будзе жывёлу карміць і ніякіх цяжкасцей не мець. Паехаў і Фёдар Баюн з жонкай.
Час ляцеў непрыкметна. Усе працавалі шчыра, без перадыху. Толькі тады, калі наладавалі амаль усе вазы сенам і забралі добрую палову, Фёдар выгукнуў:
- Ці не час, браткі, і па люлечцы выкурыць?
Ніхто не быў супраць, бо ўсе добра змарыліся і хацелася хоць крыху адпачыць.
- А ці не раскажаш ты нам, Фёдар, што-небудзь цікавае?
- Чаму ж не, вось толькі краменьчык свой недзе згубіў, ніяк не магу люльку распаліць…
- Дык хадзі бліжэй, мы табе краменьчык дамо.
Утыркнуў ён вілы ў зямлю і падышоў да мужчын ды баб. Толькі пачаў выкрасаць агеньчык, як нехта з жанчын раптоўна ўскрыкнуў:
- Ой, глядзіце, што ж гэта адбываецца?!
Усе павярнуліся туды, куды яна паказвала, і раты паразяўлялі ад нечаканасці: з захаду прама на іх кацілася чорная хмара. Кінуліся людзі да сена: хто спяшаўся ў копны класці, хто на вазы кідаць. Але як ні рваліся, як ні спяшаліся – не паспелі, бо хмара завалакла ўсё неба. Мала гэтага, нечакана ўсхадзіўся віхор, і такі моцны, хто падняў пару коп угару і давай там церушыць. Хто са страху пападаў на землю, а хто кінуўся ўцякаць. Толькі Фёдар застаўся на месцы. Раптам ён нешта выхапіў з-за пояса і, злаўчыўшыся, кінуў у чорную віхурную хмару, што круцілася над яго галавой. І ў адзін момант усё заціхла, толькі сена павольна асядала на кустоўе ды на луг. Людзі ашаломлена пазіралі вакол сябе. Апала сена., паказалася сонейка і засвяціла па-ранейшаму. Зірнулі на неба, а там – чыста-чыста. Усе кінуліся да Баюна:
- Ну ты і смелы!
- А вы думалі, што я толькі языком магу мянціць? Дапамажыце лепей. Здаецца я ведзьмака забіў, які над намі кружыўся.
Перапоўзалі людзі амаль увесь луг – нідже нажа не было. Потям адна жанчыназаўважыла яго ў купіне і паклікала:
- Фёдар, вось ён…
Памкнуліся было туды, але Баюн перасцярог:
- Не спяшайцеся, спачатку я сам усё праверу, а потым ужо і вы падыходзьце…
Агледзеў усёі паклікаў аднавяскоўцаў:
- Хадзіце сюды, не бойцеся.
Падышлі, а там здаравенны вужака ляжаў, нажом вострым праткнуты.
Ад імя гэтага адважнага чалавека і вёску назвалі – Баюнава, а пазней стала Баянава.
Магілёўшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў – Мн.: Беларусь, 2002. – С. 114-117.
Бярозаўка.
Скарб.
У нашай вёсцы Бярозаўка жыў некалі пан. Быў ён незанадта багаты, але і не бедны. І было гэта амаль сто гадоў назад. Неспакойны гэта быў час, трывожны. Асабліва для паноў і проста багатых людзей. Вось і наш пан вельмі непакоіўся і за жыццё сваё, і за багацце. Але ж жыццё было даражэй. І вось аднойчы надумаўся ён уцякаць з роднага гнязда ад нажытага дабра. Ішоў 1919 год, крывавы год грамадзянскай вайны. І хоць пан выбраў сабе дарогу - пайсці з роднай зямлі з белапалякамі, але ж даверу к ім у яго не было. І таму, загадзя прадаўшы што можна і абмяняўшы ўсё на золата, вырашыў яго пакінуць тут. А можа цеплілася надзея ў пана на вяртанне дадому. Ведама ж чужыя – не родная маці, а заўсёды будзе цёткай чужой. Можа і ласкавай, але усё ж чужой. Ды і быў тут у пана блізкі чалавек, якому пан і вырашыў пакінуць сваю схованку. Гэта быў ляснічы, к якому пан быў заўсёды ласкавы, ды і ён плаціў пану тым жа. К таму ж ведаў лес вельмі добра. І хоць пан яму давяраў, але схованкі не паказаў. Толькі ад’язджаючы, расказаў дзе яна і як выглядае. Гэта было дрэва, стаяўшае навідавоку і меўшае амаль непрыкметнае невялічкае дупло, але з асаблівай адмецінай. І аб адмеціне гэтай пан ляснічаму расказаў.
Доўга ляснічы чакаў, што вернецца пан, аб схованцы панскай нікому не казаў, бо пану слова даў, ды і не балбатлівы ён быў. Але з цягам часу, былы ляснічы зразумеў, што не вернецца пан, скончыўся яго час. А вакол бурліла жыццё – будаваўся калгас, абнаўлялася з разрухі вёска. І лес той панскі з адметным дрэвам таксама стаў калгасны. Не раз ляснічаму хацелася пайсці да той схованкі, паглядзець яе, адшукаць скарб. Але ж вельмі навідавоку стаіць дрэва. Людзей і моладзі ў вёсцы шмат – і днём, і ноччу нехта не спіць ды і вартаўнікі на калгасным двары ходзяць. К таму ж аднаваскоўцы помнілі аб сяброўстве пана з былым ляснічым, не давяралі яму, цікавалі за ім. Ды і куды потым дзявацца, хавацца з гэтым золатам? Аддаць Саветам? Ляснічы гэтага не хацеў, вось каб сабе забраць.
Так і пражыў ён, хаваючы ў сабе таямніцу. І толькі перад смерцю сынам сваім расказаў аб залатым скроне. І сыны падумалі – часу прайшло ўжо шмат, вырашылі рызыкнуць. Аднойчы ноччу ўзялі яны пілу і сякеру, і пайшлі да запаведнага скарба. Прыйшлі, паглядзелі, а дупла не знайшлі, як і не было ці зусім зарасло. Звалілі яны дрэва, парэзалі, пасеклі яго – а золата ў ім няма. Вельмі яны расчараваліся, але ж не мог бацька нешта пераблытаць або забыць – моцнай галавы быў чалавек. Вырашылі, што самі нешта паблыталі. Сталі яны шукаць тое дрэва з дуплом. І хутка знайшлі. І недалёка ад таго. Узрадаваліся, рассеклі дупло, а золата няма! Няўжо нехта знайшоў? Але праз некаторы час зноў непадалёку натыкнуліся браты на дупло. Але і ў ім нічога не было. І яшчэ, і яшчэ раз. З кожным разам усё лепей браты верылі ў панскую схованку. Сталі суседзі прымячаць, што днямі браты ходзяць па лесе, сварацца, хмурнеюць з кожным днем. Неўзабаве хтосьці з іх прагаварыўся, што шукаюць яны ў лесе. Хутка аб панскім скарбе ведала ўся акруга. Сталі ўсе паціху адзін ад аднаго шукаць запаведнае дупло. І знаходзілі, але аб тым, што нехта золата знайшоў, чуваць не было. Ведама ж, у вёсцы ад суседа нічога не схаваеш. Ды і хто вытрымае, хаваючы золата, каб хоць трошкі не спажыць. Прыкметы таго дрэва і дупла паблыталіся з цягам часу. Але да гэтага часу хвалюе людзей легенда аб панскай залатой схованцы ў дупле дрэва. А можа і зараз нехта ходзіць па лесе і разглядае дрэва ў надзеі, што знойдзе той злашчасны скарб.
Пан Зялёнка.
Сведкаў тых часоў ужо даўно няма на свеце. Было гэта не менш як паўтары стагоддзі назад, калі яшчэ бытавала прыгонніцкае права. Хоць жыццё чалавечае кароткае, дык памяць людская доўгая.
Прадавалася ў тыя часы ў нашым краі зямля сярод балот. І купіў яе нейкі пан. Ніхто не ведаў хто ён, які ён. Пабудаваў пан сабе маёнтак і пасяліўся тут са сваёй чэлядзю. Ведама ж, суседзі хацелі з ім пазнаёміцца даведацца ўсё пра яго. Ды вельмі ж пан быў нелюдзімы. Але шыла ў мяшку не ўтоіш. Хутка ўсе зналі, што нікога з родных у яго няма, або з ім не прыехалі. Сам пан стары і вельмі ж брыдкі. Але галоўнае – ён вельмі наравісты, мае злосны і нават жорсткі характар. Папаўзлі аб ім жудасныя чуткі: пан часта злаваўся і ў парыве гневу яго прыгонныя лёгка плацілі жыццём. І як быў пан брыдкі, дык злосны станавіўся яшчэ брыдчэй: твар з зямлістага ператвараўся амаль у зялёны. І знайшоўся востраслоў, які празваў яго панам Зяленкай. Хутка мянушка распаўсюдзілася па ўсёй акрузе. І маёнтак-хутар таксама празвалі Зялёнкай.
Усе стараніліся злоснага пана Зялёнку, ад гэтага ён яшчэ болей люцеў. І папаўзлі чуткі – то аднаго прыгоннага, то другога закатаваў. Сталі чаляднікі ўцякаць – лепей у балоце згінуць, чым кожны дзень чакаць смерці. Але пан лавіў іх і яшчэ страшней катаваў. Так ён пазбавіўся ад усіх сваіх прыгонных, нават самых адданых, якіх сам забіў.
Доўга яшчэ бачылі людзі пана Зялёнку , які ездзіў, хадзіў па сваіх лясах. Ды падыходзіць да яго баяліся. Але вось колькі дзён ніхто пана Зялёнку не бачыў. Ціха на хутары, толькі сабакі выюць як па пакойніку.
Як не баяліся людзі, але ж вырашылі праверыць, што здарылася з панам. Зайшлі яны ў маёнтак, бачаць – сабакі прывязаныя і галодныя. Абышлі ўсе пакоі і ў адным іх знайшлі пана Зялёнку мёртвым. І вырашылі людзі: які пан ні быў злосны, але ўсё ж – чалавек. І трэба яго пахаваць па-хрысціянску хоць не аставіў пан Зялёнка ніякага распараджэння нінаконт зямлі і маёнтка, ні наконт сябе. Пахаваць вырашылі тут жа, на яго зямлі. Бо не ведалі адкуль ён. Пазвалі папа, але ў час адпявання так стала яму млосна і дрэнна, што ён не змог правесці службу да канца, ледзве сам не памёр. Занепакоіліся, захваляваліся мясцовыя паны і сяляне. Кожны думаў: нешта тут недобрае, мо пан Зялёнка нячысцік? І вырашылі замест крыжа пакласці на магілу вялізны камень-валун. Паклалі, перахрысціліся і не прыходзілі болей сюды. Даўно вядома, месца, дзе было зроблена злачынства, людзі абходзяць бокам.
З цягам часу маёнтак разбурыўся, а камень на магіле парос мохам і стаў правальвацца ў балота. І калі ён амаль урос у зямлю, людзі сталі сустракаць дзіўнаватую здань. Гэта была здань пана Зялёнкі. Сталі знікаць людзі, а пасля іх знаходзілі мёртвымі. Ці то ад страху паміралі, сустрэўшы здань пана Зялёнкі, ці гэта здань забівала іх. І такі вялікі страх напаў на людзей, што яны баяліся ў лес хадзіць нават днём і гуртам, не тое што па-аднаму. Ніякага зладу з гэтай зданню не было.
Але вось з’явілася ў нашым краі адна сям’я, якая згадзілася купіць крыху той зямлі, што належала раней пану Зялёнку. Вельмі ж таннай была гэта зямля. Далёкія родзічы пана Зялёнкі вельмі рады былі ад яе пазбавіцца. І хоць сям’ю гэту папярэдзілі аб страшнай зданні пана Зялёнкі, але яны адказалі, што з божай дапамогай и малітвай ім нічога не страшна. И пращда, хутка ўсе ў акрузе ведалі, якія гэта чулыя, спагадлівыя, працавітыя і вельмі набожныя людзі. І сталі іх усе паважаць і шанаваць. Але здань працягвала кожную ноч выходзіць з магілы ті тварыць сваю чорную справу. І тады ўся сям’я стала горача маліцца за спакой душы пана Зялёнкі. І такія палкія і шчырыя гэта былі малітвы, што сталі прыкмячаць людзі – балота пачало вытурхоўваць камень на магіле. І чым брлей маліліся за душу пана Зялёнкі, тым болей выступаў камень. Хутка ён зусім выйшаў з зямлі і ачысціўся ад моху. З таго часу перасталі сустракацьлюдзі здань пана Зялёнкі. Так прыйшоў пакой на гэту зямлю. А хутар и зараз завецца Зялёнкай.
Запісала Бабовіч Таццяна Іванаўна – педагог Бярозаўскай СШ. Літаратурная апрацоўка Трыбуш Ірыны Мікалаеўны, бібіліятэкара Бярозаўскай сел. б-кі.
Дуброва.
Пісараў сад.
Каля вёскі Дуброва на горачцы жыў пан Пісар з жонкай, сынам і дачкой. Быў у яго эканом Раінскі. Вёў пан вялікую гаспадарку: каровы, авечкі, коні. За панскай хатай цягнулася вялікае поле, далей – лужок і вялікі сад. Сядзібу ўпрыгожвалі ружы, зараслі бэзу, вінаград. Але найбольшую прыгажосць уяўляў сабой квітучы сад, абсаджаны вакол ельнікам. На ўсе работы Пісар нанімаў людзей: капаць, араць, жаць.
Пасля рэвалюцыі пана раскулачылі і адправілі ў Сібір. А хату, у якой ён жыў, аддалі на пабудову школы ў в.Макавічы.
Пасля вайны сад пачалі выкарчоўваць, бо ён ужэ пастарэў. Зараз на гэтым месцы шырокае поле. Але дзе-нідзе захаваліся кусты бэзу, адзінкавыя яблыні. І хоць мінула шмат гадоў, месца гэта і зараз называюць “Пісараў сад”.
Курганы.
Некалі каля вёскі Дуброва быў вялікі курган. Старжылі сцвярджалі, што ў час руска-шведскай вайны тут ішоў бой, у якім загінула шмат людзей. Іх пахаранілі ўсіх разам у брацкай магіле, а зверху насыпалі вялікі курган. Людзі прыносілі зямлю хто чым мог: шапкамі, спадручным інвентаром, нават жменямі. Гэты курган праіснаваў сотні год. Быў знішчаны ў канцы двадцатага стагоддзя. Яго проста бульдозерамі зраўнялі.
Запісаў бібліятэкар Дуброўскай сельскай бібліятэкі Дзяшчэня Уладзімір Міхайлавіч.
Завалочыцы.
У 1947 годзе ў вёсцы Завалочыцы ў падвале памешчыцкага дома была адкрыта хлебапякарня, якая задавальняла патрэбы хлебам жыхароў вёсак Завалочыцы, Сіманавічы, Яўсевічы, Дварэц, Гарадок і Паляна. Хлебапёкі былі ўсе мясцовыя, завалочыцкія, акрамя аднаго. Звалі яго Сцяпан, жыў ён у в. Осы-Калесы.
Аднаго разу змена закончылася вельмі позна, а на двары бушавала навальніца. Раскаты грому былі вельмі моцнымі і дождж ліў, як з вядра. Ісці дадому было вельмі далека, ды і незручна ў непагодзь і Сцяпан вырашыў застацца на ноч у пякарні. На яшчык з мукою ён пасцяліў пустыя мяшкі ад мукі, патушыў керасінавую лямпу і лёг адпачываць. І ў гэты момант яго ахваціў жах. Сцяпан пачуў, як да яго набліжаецца мужчына, які вядзе за павады двух коней з дргаварыць аб тымугога канца падвала. Вельмі добра было чуваць, як мужчына незразумела перагаворваецца з жанчынай. Але аб чым яны гавораць, зразумець было цяжка. Вельмі добра быў чуваць цокат конскіх капытоў. Як расказваў Сцяпан, мужчына давеў коней да яшчыка, на якім ён ляжаў, і спыніўся. Сцяпан чуў, як коні пфыркалі на яго, ён адчуваў на сабе патокі паветра. Потым мужчына павёў коней у другі канец падвала, размаўляючы з жанчынай. І на гэтым усё скончылася. Як расказваў сам Сцяпан, гэта быў не сон, гэта была ява. І са Сцяпанам такое адбывалася неаднаразова. Даволі часта яму прыходзілася аставацца ў падвале да раніцы пасля змены. Гэту з’яву адчувалі на сабе і некаторыя іншыя людзі, якім даводзілася начаваць у падвале. Усе сцвярджалі, што гэта не выдумка, што гэта было на самой справе. Вочы адкрываць было страшна, але вушы ўсё чулі.
Ну дык вось, існуе ў нашай вёсцы Завалочыцы такая легенда. Нібыта даўным-даўно, па Кацярынінскаму тракту праязджала ў карэце царыца, якая іменна невядома. Ля вёскі Завалочыцы ёй стала дрэнна і яна памерла. Царыцу, яе кучара і коней пахавалі ў падвале памешчыцкага дома. У якім точна месцы невядома, бо тыя людзі, якія хавалі царыцу, месца замуравалі, а самі зніклі невядома куды. І ноччу па падвалу ходзяць душы пахаваных: царыцы, кучара і коней.
Запісала бібліятэкар Завалочыцкай сельскай бібліятэкі Кулік Т.Г.
Заеліца.
У кожнага чалавека абавязкова ёсць свій гожы, ласкавы і шчымліва-непаўторны край. Такі край – гэта твой цэлы свет.
Я люблю сваю Беларусь, маю Радзіму, мае родныя мясціны, я любуюся прыгажосцю роднага краю, люблю сустрэчы з добрымі і шчырымі людзьмі, люблю слухаць старажылаў, іх цікавыя легенды і гісторыі. А зараз я стану гаварыць аб тым, што мне расказалі.
Прырода роднага краю… Якая яна была мільён гадоў таму назад і якой яна будзе праз столькі ж цяжка сказаць. Але і зараз на маёй радзіме можна знайсці мясціны, якія захапляюць нас сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю.
Пра вёску Заеліца нельга сказаць, што гэта самае прыгожае месца на свеце. Але трэба толькі прыглядзецца, і можна ўбачыць шмат таго, чаго яшчэ не бачыў.
З расказаў мясцовых жыхароў мне стала вядома, што сучасная прырода вельмі адрозніваецца ад прыроды былых часоў. Даўней лясы былі густыя, непралазныя. Там вадзілася шмат дзікіх звяроў. І вельмі небяспечна было хадзіць праз лес. А праз яго хадзілі амаль што кожны дзень. Хадзілі ўсе, ад малога да старога, бо інакш нельга было.
Вось адна жанчына ўспамінае:”У мяне была сястра. Яна працавала настаўніцай у школе. Школа знаходзілася ў суседняй вёсцы. Шлях у вёску ляжаў праз лес, а каля гэтага лесу было невялікае поле. Дык вось зімой, калі яна на змярканні вярталася дамоў, на полі заўважыла, што за ёй ідуць ваўкі. На шчасце, сярод поля стаяў стог саломы, яна хутчэй падпаліла яго і гэтым выратавалася.”
Ды не толькі ад жывёл пакутавалі жыхары, але і ад надвор’я, асабліва зімой. Калі хто-небудзь з паляўнічых затрымліваўся ў лесе на ноч і ўзнімалася завіруха, то адным уратаваннем была гурба снегу. Паляўнічы выкопваў там сабе ямку і, пераначаваўшы, ішоў дадому. А колькі рыбы вадзілася ў тыя часы ў рэках! Шчупакі дасягалі дваццаці кілаграмаў, самы – аж да трыццаці.
Але чаму вёска звалася Заеліца? Адкуль узнікла гэтая назва?
Кажуць раней каля вёскі быў густы ельнік. І калі путнікі пыталіся:”Дзе тут бліжэйшая вёска?” У адказ чулі: ”Вунь там, за ельнікам!”
**********************************
Жылі некалі ў гэтых мясцінах пан Стрыжэўскі і пан Заеліцкі. У кожнага былі свае людзі і вёскі, якія знаходзіліся побач. Яны вельмі любілі гуляць у карты. І аднойчы пан Стрыжэўскі праіграў пану Заеліцкаму сваю вёску. Таму і стала яна звацца Заеліца.
Запісала бібліятэкар Слаўкавіцкай сельскай бібліятэкі Марус А.Г.
Зорка.
Паглядаючы на неба ўранку, або надвячоркам, можна заўважыць, што над тым месцам, дзе зараз знаходзіцца вёскаЗорка, свеціць прыгожая яркая зорачка – гэта Венера. Раней людзі не ведалі, што гэта не зорка, а планета Сонечнай сісітэмы, але ідучы на яе свет уначы, яны казалі:”Ідзі на зорку, не заблудзіш”.
Гэта вёска маладая. Людзі асвойвалі новыя землі і ішлі ўсё наперад і наперад. А каб не збіцца са шляху, яны заўсёды казалі:”Ідзі на зорку”. Так і назвалі паселішча.
Вёска амаль поўнасцю акружана лесам. У лесе ёсць мясціна, якая называецца Мацерава. Ці не таму, што там вадзіліся мацёрыя ваўкі?
Запісала бібліятэкар Слаўкавіцкай сельскай бібліятэкі Марус А.Г.
Калюга.
Жылі ў вёсцы два адмысловых майстры – адзін кравец, а другі шавец. Звалі іх Сань і Сцяпан. Так ужо павялося, што жылі яны па суседству і каб спарней усё атрымлівалася, працавалі таксама ўдваіх. Улюбёнай справай займаліся не кожны дзень, а толькі ў больш-менш вольную часіну, бо трэба ж было і гаспадарку весці, і зямлю апрацоўваць. А тавар свой прадавалі на кірмашы ў Глуску. Хадзілі туды таксама заўсёды ўдваіх. Жонкі сварыліся, бо дружбакі з’яўляліся дамоў толькі праз дзень і добра выпіўшымі.
На гэты раз таксама выбраліся рана, яшчэ толькі зоркі на небе з’явіліся. Тут Сань і кажа:
- Ведаеш што, братка? Задумаў я нешта…
- Што ўжо ты там прыдумаў?
- А давай мы сёння за адзін дзень туды і назад управімся…
- Навошта ?..
- Ды каб жонкам насы ўцерці. Крычаць, крычаць…
- Прадаць дык мы паспеем, і замачыць – таксама, а вось каб пераспаць крыху…
- А мы прадамо, зойдзем у манаполку, купім там пару бутэлек і пакіруем дамоў. Сядзем дзе ў ляску, джыгнем добра – і дамоў…
- Развязе.
- Ды не паспее. Перакусіць жа ўзялі, яшчэ якога селядца прыкупім… З такой закуссю можна будзе і болей выпіць…
Так і зрабілі. Прадалі выгадна кажухі, забеглі ў манапольку, узялі там што хацелі і назад прыпусцілі.
Селі амаль перад самымі хатамі ў ляску і… усё выпілі. Як потым ні спрабавалі здагадацца, што далей было, - нічога не маглі ўспомніць, толькі жонка Саня пастаянна казала:
- Калюга ты, калюга… У калюзе гразь ляжыць, і ты ў гразі той валяешся…
А “калюга” па-нашаму – лужына, балаціна. Вось адкуль назва вёскі Калюга.
Магілёўшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў – Мн.: Беларусь, 2002. – С. 117-120.
Катка.
На Івана Купала каля ракі в. Халопенічы штогод збіралася моладзь на гулянне. Сярод іх была вельмі прыгожая дзяўчына Васіліна. Яна была цудоўнай спявачкай і танцоркай, прыгажуня казачная. І вось сабралася моладзь, а Васіліны ўсё няма, і няма. Усе яе чакаюць, бо без яе і гулянне не гулянне. Хлопец яе з сябрамі пайшоў ужо шукаць. Астатняя моладзь на беразе засталася чакаць. Раптам чуюць аднекуль голас даносіцца:
- Трэба, каб прыйшла, а няма.
І гэтак некалькі разоў. Усе спалохаліся, а тут бачаць бяжыць Васіліна, прыгожа апранута, з вянком на галаве і прама з берага ў рэчку так і прыгнула. Пакуль моладзь апамяталася, яна ўтапілася, спрабавалі выцягнуць, але не змаглі нават і знайсці яе. А трэба адзначыць, што там быў вялікі вір. Ё н і зараз існуе на раке Пціч. Гэтае месца так і завецца “Васілін вір” і амаль кожны год там топяцца людзі. Старыя людзі так і кажуць – “Зноў вадзянік дань забраў”. А пра Васіліну казалі, што яе вадзянік забраў за яе прыгажосць, каб яна ў яго русалкай была.
Запісана са слоў Багам’і Алены Арцёмаўны – 1908 г. нар., ёй паведалі яе бацькі. Запіс зроблены бібліятэкарам Каткаўскай сельскай бібліятэкі Пінчук Т.Л.
Клетнае.
Кожная мясціна мае сваё прошлае, цяперашняе і будучае. Шмат паданняў і легендаў мы чуем ад старых людзей. Ёсць яны і пра веску Клетнае.
Сярод лясоў, палёў, нібы прыгожая кветка ў клетцы, стаіць яна. У аснове яе назвы, як пішацца ў тапанімічным слоўніку, тэрмін клець – драўляны зруб, прамавугольная пабудова. Ёсць розныя меркаванні. Вось адно.
Невялікая вёсачка знаходзілася сярод густых лясоў і непраходных балот. І толькі зімой, калі замярзалі балоты, можна было выехаць адгэтуль. Яна як бы ляжала ў пасцы, або ў клетцы. Адсюль і пайшла назва вёскі Клетнае.
**********************************
Раней веска Клетнае называлася машніцамі. Чаму менавіта так? Бо жыў тут пан Машніцкі з-пад Варшавы. Вы спытаецеся: як жа ён апынуўся тут, у гэтым глухім месцы?.
Сям’я Машніцкага была багатая. Адольф быў адзіным сынам і таму рабіў што яму захочацца яшчэ з дзяцінства. Спрабаваў вучыцца, але гэта яго не цікавіла. Захапляўся ён толькі гульнёй у карты. Вельмі часта прайграваў.
Аднойчы ў клубе ён сустрэўся з беларускім панам. Яны пазнаёміліся і адразу ж пачалі гульню. Пятро прайграў яму грошы, але жадаючы адыграцца, ён паставіў на кон сваю вёску. Адольфу і на гэты раз пашанцавала – ён выйграў і вёску, нават не ведаючы навошта яна яму. Каб не пакрыўдзіць Пятра, Машніцкі запрасіў яго да сябе ў госці. Павясяліўшыся некалькі дзен за кошт Адольфа, Пятро выехаў на радзіму.
Вярнуўся ён дадому з дрэннай весткай. Сяляне толькі цяжка ўздыхнулі. Яны ведалі, што чужы пан іх не пашкадуе, а будзе драць, як ліпку. Прайшоў час, але Машніцкі не прыехаў. Затое замест яго з’явіўся эканом са сваёй вялікай сям’ёй. Вінцэсь быў чалавекам спакойным і разважлівым, не крыўдзіў сялян, з добрымі словамі звяртаўся да іх. Вяскоўцы ў сваю чаргу выконвалі ўсё спраўна, рауючыся цішыні і спакою. Так прайшло амаль двадцаць год.
…Адольф Машніцкі аднаго разу вельмі праіграўся, і, каб ён асцяпяніўся, ажаніў яго на палячцы.Неўзабаве нарадзіўся ў іх хлопчык. Рос сын ціхім, спакоўным, што зусім не радавала Адольфа.Кожны раз убачыўшы малога, ён казаў:” І ў каго ты ўрадзіўся?! Ні рыба, ні мяса.” Андрэй рос, добра вучыўся, што было не вельмі да спадобы бацьку. З гадамі яны ўсё больш і больш не разумелі адзін аднаго. Калі ж малады паніч скончыў вучобу, Машніцкі адпісаў яму тое выйгранае сяльцо з некалькімі дзесяткамі прыгонных сялян і курынымі хацінкамі. Стары злаваўся і адправіў яго прэч.
Адразу Андрэй вырашыў не заставацца надоўга ў вёсцы – ён хацеў паглядзець свет. Але мары яго засталіся толькі марамі.
Прыехаў ён у Машніцы іі адразу ж закахаўся ў простую дзяўчыну. Марыся сапраўды была вельмі прыгожай: чарнабровая, вочы, як васількі, чырвоная лента ў доўгай залацістай касе. А галоўнае – усмешка. Яна нібы зіхацела ад шчасця. Андрэй спрабаваў забыць яе, ведаючы, што бацька ніколі не згодзіцца з яго выбарам. Ён знікаў на некалькі дзён і ніхто не ведаў куды. Нарэшце Андрэй вырашыў назаўсёды пасяліцца тут і ажаніцца.
За кароткі час малады паніч пабудаваў дом і паслаў бацьку пісьмо, просячы дазволу ажаніцца на сялянцы. Андрэй быў упэўнены, што бацька забароніць, але ўсё роўна ўведаміў яго. Машніцкі забараніў, пагражаючы аставіць сына без спадчыны. Аднак Андрэй ажаніўся супраць волі бацькі і прывёў Марысю ў новы пабудаваны дом.
Марыся і Андрэй жылі ў шчасці і згодзе. Неўзабаве з’явіўся ў іх хлопчык. Паніч ставіўся да прыгонных сялян з паблагамі, не крыўдзіў іх. Нават вучыўся ў іх і не саромеўся ўзяцца за саху. Марыся ж завіхалася каля хлопчыка.
У хуткім часе Адольф Машніцкі атрымаў звесткі аб жыцці сына. Амаль два гады злосць у душы не давала яму спакою. Злосць хутка перарасла ў дзеянне. Не стрываў пан Машніцкі і загадаў Андрэя сілай прывезці ў радавы маёнтак, пазбавіўшы яго спадчыны, Марысю вярнуць бацікам, а унука загубіць.
Шчасце вёскі машніцы скончылася. Маленькае дзіця загінула ад рукі дзеда, марыся апынулася ў бацькоў, а Андрэй пад пільным вокам бацькі.
Сяляне пахавалі Міхалку на могілках, насыпалі маленькі курганок, а праз нейкі час вырас на ім дубок. Як кажуць людзі, любіў Міхаська гуляць з жалудамі, таму і вырасла гэтае вялікае і моцнае дрэва. Тады праклялі людзі Машніцкага за яго жорсткасць, таму і вёска стала называцца Клятное (клесці).
А што ж сталася з Марысей і Андрэем? Марыся, убачыўшы забітае дзіця, звар’яцела. Доўга яна блукала каля рэчкі, шукаючы і гукаючы свайго Міхаську. У час разумовага асвятлення душа яе не вытрымала такіх пакут, і яна кінулася ў раку. Андрэй жа, прычакаўшы добрай хвіліны, знік і ніхто не ведае, дзе ён і што з ім.
Запісала бібіліятэкар Клетненскай сельскай бібліятэкі Каржнева Н.
**********************************
Раней веска Клетнае называлася Машніцамі. Магчыма з-за таго, што стаяла колісь сярод імшыстых балот. А хутчэй за ўсе гэтую веску (у тую далекую пару - невялічкае сяльцо), назваў сваім імем пан Машніцкі з-пад Варшавы, якое ен выіграў у карты ў нейкага магната. Быў у пана Машніцкага сын. Калі той вырас, ен адпісаў яму тое сяльцо з некалькімі дзесяткамі прыгонных сялян і іх Курнымі хацінамі.
Аднойчы малады паніч прыехаў у Машніцы і на сваю бяду пакахаў тутэйшую дзяўчыну. А з цягам часу і сам пасяліўся тут. Дом пабудаваў і прывеў у яго Марусю - халопку. Хутка і хлопчык у іх нарадзіўся Паніч вельмі добры быў, да прыгонных сялян ставіўся з паблагай, не крыўдзіў іх. Дазнаўся аб гэтым стары пан Машніцкі. Прыехаў ен у сяло. Сына пазбавіў спадчыны і адправіў пад Варшаву ў радавы маентак. Марысю выгнаў з дому, а хлопчыка загадаў загубіць.
Пасля гэтага Марыся страціла розум. Хлопчыка пахавала за сялом, а потым кошыкам пачала насіць на яго магілку жоўты пясок. Калі ж вырас вялікі Курган, пасадзіла на ім адзін з жалудоў, якімі любіў забаўляцца яе сынок. Пасля гэтага Марыся кінулася ў рэчку і ўтапілася.
Так і з`явіўся каля вескі Курган, а на ім дуб-велікан.
Легенды і паданні / Беларуская народная творчасць – Мн.: Навука і тэхніка. – 1983 – C. 286.
Трыбуналаў У. Легенда вескі Клетнае // Сцяг радзімы - 1990. - 17 сакавіка. - C. 4.
Макавічы.
Стаіць паміж лясоў невялікая вёска. Яна, бадай, нічым не адрозніваецца ад дзесяткаў і нават соцен іншых вёсак нашай рэспублікі: такі ж родны беларускі пейзаж, так жа голасна і звонка раніцай спяваюць улетку жаўрукі. Імя ў яе таксама звычайнае – Макавічы. Старыя людзі сцвярджаюць, што назва вёскі ўзнікла ад таго, што з даўніх часоў сяляне на сваіх землях сеялі шмат маку. Сялян сталі называць макачаўне, а пасяленне, дзе яны жылі – Макавічы. Назва гэта прыжылася і засталася за вёскай назаўсёды.
Насельніцтва ў Макавічах было невялікае. За вёскай побач распрасціралася балота. У часы вайны са шведамі (1709 г.) насельніцтва в.Макавічы было выразана, а вёска была спалена. Засталося толькі тры чалавекі, дзякуючы таму, што захаваліся ў балоце. Прозвішчы іх былі Пятрэня і Парахаўнік. Пазней, калі вёска абнавілася, прозвішчы тут былі толькі Пятрэня і Парахаўнік. Затым з’явіліся і іншыя з ліку новых пасяленцаў.
Ёсць такое паданне. У кіламетры ад вёскі на ўзвышшы стаяла царква. Як расказалі старыя людзі, гэтая царква “правалілася” у зямлю. На былым месцы ўтварылася нізіна, напаўнаемая ў дажджлівае надвор’е вадой. Тое месца такім засталося і да нашых дзён. Зараз яно называецца “Рэпішча”.
Запісала бібліятэкар Мкавіцкай сельскай бібліятэкі Рубчэня Валянціна Ялізар’еўна.
Нова-Андрэеўка (Адэль).
Жыў адзін вясковец і, вядома ж, быў жанаты. Сям’ю меў вялікую – дзяцей, можа, шасцёра, а можа і болей. Жонку звалі Адэля, а мужа – Андрэй. Андрэй быў рабацяшчы, працаваў не пакладаючы рук, а жонка – гультайка, якіх свет не бачыў. Суседзі яму спачувалі і гаварылі:
- Не можа быць, каб некалі, чалавеча, цябе не прарвала. Да пары да часу трываеш, але як прарвецца, то не будзе ёй месца ў хаце.
Накаркалі вяскоўцы на галаву Адэлі.
Ехаў аднаго разу Андрэй на кірмаш. Дзеці ў яго, ведама ж, падарункаў прызезці просяць, і ён ім абяцае, бо адзіная гэта радасць.
- Прывязу, родненькія, прывязу. Палову грошай вам на падарункі адпушчу, куплю ўсё, што просіце, бо вы мне добра дапамагаеце…
Радуюцца дзеці, а Адэля не ўтрымалася і таксама голас падала:
- А мне каб спадніцу новую купіў, бо гэтая ўжо знасілася, дзірка на дзірцы… Чуеш?
Андрэй адказаў:
- У другіх мужыкоў жонкі і наткалі, і напралі, а ў мяне…
Адэля насуперк яму:
- Усё роўна па-мойму будзе!
Мужык толькі плюнуў і прамовіў:
- Памыляешся…
Сабраўся і паехаў на кірмаш. Пад вечар вярнуўся дамоў задаволены: натаргаваў добра, дзецям многае купіў, сабе – тое-сёе. Ажно на сустрач яму бягуць малыя:
- Татка, а наша мамка на прызбе голая сядзіць!
Спачатку не здагадаўся, што да чаго, а потым дайшло: гэта ж яна такім чынам хацела сваёй праўды дабіцца. Раз’юшыўся селянін, як ніколі, ухапіў пугу і давай Адэлю пярэсціць. Тая не чакалатакога павароту справы. Спачатку паспрабавала ўцячы, потым давай прасіцца, але Андрэй не паддаваўся. Выгнаў яе за вёску і там пакінуў, наказаўўы дамоў не вяртацца. Дык яна там і жыла доўга, у нейкай землянцы, ажно пакуль не перайначылася – стала спраўнай маладзіцай, як і іншыя.
Тое сховішча яе людзі назвалі Адэль, так і паселішча пайшло. Потым назву перайначылі, стала яна Нова-Андрэеўкай. Гэта зусім нядаўна было, на нашай памяці.
Магілёўшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў – Мн.: Беларусь, 2002. – С. 117-120.
Поблін.
У вёсцы жыў поп , які кожную нядзелю пасля царкоўнай службы, як людзі выходзілі з царквы,адорваў дзяцей блінамі. Спалучэнне слоў "поп" і "блін" і даў назву весцы – Поблін.
Слаўкавічы.
Легенда Першая.
Любоўю да Радзімы, да свайго роднага краю дыктуецца жаданне прасякаць загадкі даўніны, даведвацца пра тое, што было, але чаго ўжо няма. Загадкі даўніны заціраюцца гужам стагоддзяў, зацягваюцца глухімі туманамі мінулых эпох. Але кожны народ усведамляе вялікую важнасць сваёй гісторыі, веданне якой неабходна захаваць і перадаць наступным пакаленням. Складаліся і стагоддзямі перадаваліся з вуснаў у вусны міфы і паданні, сагі і быліны, балады і песні… І вось мая родная старонка. У чыёй свядомасці не знойдзецца куточка, дзе хаваюцца прыемныя ўражанні, дзіцячыя ўспаміны аб сцяжынках, па якіх прыходзілася бегчы з лесу ці рэчкі да вёскі. Вось гэта вёска патанае ў зеляніне садоў і векавых дрэў, якія бачны здалёк і служаць арыенцірамі на ўсю акругу. Зойдзем у адну з хат. Калі добра папрасіць, нам раскажуць мноства цікавых старых паданняў, легенд і казак, успомняць пра даўнія звычаі і абрады, праспяваюць кранаючыя сваёй цеплынёй і меладычнасцю песні.
Адну з легенд, якія яшчэ лунаюць ва ўспамінах старажылаў нашай вёскі, я хачу паведаць і вам… Было гэта так даўно, што нават дзяды дзядоў памятаюць, як гэту легенду ім расказвалі іх прадзеды. Жылі калісьці ў нашым краі добрыя, вясёлыя, сумленныя людзі. Месца было прыгожае, жывапіснае. Але засмучала тое, што не мала пасяленне сваёй назвы. А ў тыя часы праз палі, што каля хат людзі апрацоўвалі, працякала глыбокая, бурлівая і гордая рака з такой жа гордай назвай Слава. Дапамагала людзям рэчка і ў працы, і ў адпачынку, і ў летку, і ў зімку.
І вось здарылася аднойчы праязжаць па гэтаму краю цыганскаму табару. Убачаўшы прыгажосць і прывабную зеляніну ўздоўж ракі, цыганскі табар астанавіўся, каб адпачыць, паесці, набрацца сіл перад доўгай дарогай. Цыгане ўжо пачалі збірацца ізноў у шлях, і адна з іх падышла да берага, каб паклікаць свайго малога сына, што вудзіў рыбу на масту. Так здарылася, што цыганка спатыкнулася і ўпала ў ваду. Раззлавалася жанчына і стала ганьбіць рэчку. Узбурлела рака, успенілася, падняла магутныя хвалі і накрыла імі сына цыганкі. Забрала і панесла хутка – хутка, што ніхто і апамятацца не паспеў. За гэта цыганка пракляла рэчку. Яе словы праклёну чуліся і тады, калі апошняя кібітка схавалася за далёкім паваротам.
Праз некаторы час пачалі людзі заўважаць, што рака перасыхае, мяльчэе – памірае. Так паўздзейнічалі на яе цыганскія праклёны. Доўга не маглі людзі прыдумаць, як жа захаваць памяць аб рэчцы, бо ўсё роўна яе ўжо не выратаваць. Думалі, думалі і прыдумалі: рашылі пасяленне сваё назваць у гонар бурнай, гордай, “жывой” ракі.
Так вось і з’явілася на свеце вёска з назвай Слаўкавічы…
Гэта адна з мноства легенд і паданняў, што перадаюцца ад сталага пакалення да маладога. І вельмі хочацца верыць, што пражывуць гэтыя легенды яшчэ доўга – доўга, каб унукі нашых унукаў помнілі і ведалі, адкуль пайшла назва роднага краю.
Легенда Другая.
Паселішча Слаўкавічы ўзнікла з жыхароў, якія жылі на хутарах. Па расказах старажылаў, тут некалі працякала неглыбокая рачулка Слаўная. Яна ціха несла свае чыстыя воды па зямлі, упадала ў балотца Апалока і ачышчала яго. Рэчка ніколі не спыняла свайго бегу, не губляла сваёй чысціні. Можа таму і назвалі людзі яе Слаўнай і пачалі сяліцца на яе берагах. Так узнікла невялікае паселішча Слаўнае. Паселішча расло, выцягвалася ўздоўж берагоў рачулкі. І чым далей цягнулася яно, тым спакайнейшым і цішэйшым станавіўся бег рачулкі. Адчувала яна ў людзях, якія сяліліся на берагах яе, прадаўжэнне спраў сваіх слаўных. І зусім супакоілася: не пад сілу стала ёй спаборнічаць з людзьмі. На тыз месцах, дзе працякала рачулка, засталіся толькі раўкі, што напаўняюцца вадою толькі ў павадак, або пасля вялікага дажджу.
А наступнай раніцай сустракалі людзі паселішча Слаўнага ўсход новага жыцця, вольнага і шчаслівага.Так гаворыць яшчэ адно наронае паданне, што тлумачыць паходжанне вёскі Слаўкавічы.
Запісала бібліятэкар Слаўкавіцкай сельскай бібліятэкі Марус А.Г.
Сцяг.
Раней на тым месцы, дзе зараз размешчана веска Сцяг (раней называлася Заграбелле) былі непраходныя балоты. Каб дабрацца з адной вёскі да другой людзі вымашчвалі грэблю. Масцілі яны яе з ранку да вечара, ажно пакуль не сцямнее. Прыходзілася іншым разам і заначаваць на месцы, каб не вяртацца дамоў. Хацінка за хацінкаю і на невялічкім узгорку паміж балот вырасла вёсачка, у якой путнікі заначоўвалі. Грэбля тым часам будавалася і па ёй пачалі ездзіць на конях, вазіць з вёскі ў вёску харчы і іншыя рэчы. А вёску, якая ўтварылася за грэбляй, пачалі назяваць Заграбелле.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны вёску перайначылі і далі назву Сцяг – у знак перамогі над ворагам. Пачалі арганізоўвацца маленькія калектыўныя гаспадаркі. У вёсцы Сцяг гэта быў калгас “Сцяг калектывізацыі”.
Запісала бібліятэкар Слаўкавіцкай сельскай бібліятэкі Марус А.Г.
Чапаева.
На месцы, дзе зараз знаходзіцца вёска Чапаева, раней стаяў маёнтак пана. Пан выіграў гэтыя землі разам з батракамі ў другога багатага пана. А жыў гэты пан ў Гродненскай вобласці. І вырашыў ён пераехаць са сваімі людзьмі ў Магілёўскую воласць. Прозвішча яго было ні то Ванцэвіч, ні то Вайцюкоў, але зараз не гэта галоўнае. Прывёз ён з сабой вельмі працавітыя і дружныя сем’і: Еўтухоўскіх, Ермаліцкіх, Красноўскіх, Беразоўскіх, Бартлінскіх, Сярпінскіх, Кавецкіх і інш. У гэтай мясцовасці пачаў узнікаць новы род.
Панскі маёнтак стаяў на ўзвышку, як і ўсе маёнткі, каб быў відаць здалёк. Каля маёнтка былі выкапаны дзве сажалкі, пасажаны парк, дзе адпачывалі паны і паненкі. У панскім садзе расло шмат яблынь, груш, вішань, не мала іх засталося і да нашага часу. На тэрыторыі вёскі працаваў спіртзавод.
У 1931 годзе на панскіх землях узнік калгас “Воля батрака”, які пазней пераіменавалі ў калгас імя Чапаева, у гонар чырвонага камадзіра Васіля Іванавіча Чапаева. Так назвалі і вёску.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў хаце, дзе жыла сям’я Беразоўскіх, знаходзіўся штаб партызанскага атрада пад кіраўніцтвам Дз. Гуляева.
Запісана са слоў Еўтухоўскай іны Іванаўны. Запісала бібліятэкар Слаўкавіцкай сельскай бібліятэкі Марус А.Г.